Выберыце мову

Гісторыя Сянно і раёна: поўны храналагічны агляд

Сянно — адзін з найстаражытных гарадоў Віцебскай вобласці з багатай гісторыяй, якая сягае каранямі ў XV стагоддзе. Назва горада, верагодна, паходзіць ад гандлю сенам, які вёўся на мясцовых кірмашах, або мае фіна-ўгорскае паходжанне. Існуе і народная легенда: быццам Кацярына II, якая ехала з Сенатам з Полацка ў Шклоў, спынілася на начак ля возера, і мясцовыя жыхары сталі называць паселішча «Сенат», з часам ператворанае ў «Сянно».

1442

Першае пісьмовае згадванне

Сянно ўпершыню згадваецца ў дакументах часоў Вялікага Княства Літоўскага: «На ршы у Обольцех село Сенно Милошу Войшвилову (отдано) князю Одинцову село Прихабы». Мілаш Войшвілаў атрымаў права кіравання маёнткам ад вялікага князя Казіміра Ягелончыка.

1528

Князі Сенненскія

У спісе войскаў Вялікага Княства Літоўскага згадваюцца князі Сенненскія: яны адпраўлялі ў войска 6 коней з рыцарамі, збраяносцамі і слугамі.

1534

Спусташэнне горада

Маскоўскія войскі Івана Грознага пад кіраўніцтвам ваяводы князя Барыса Гарбатага спалілі Сянно. У гэтым жа годзе Сянно згадваецца як маёнтак Віцебскага павета Вялікага княства Літоўскага.

1542-1545

Судовыя цяжбы за Сянно

Вядзецца судовы працэс паміж уладальнікамі Сянно — князем Дзмітрыем Відуніцкім-Любецкім, яго пасынкам Рыгорам Сенненскім-Грыбоўскім і настаяцелем Обальцкага касцёла за права ўласнасці на маёнтак.

1551

Першае згадванне Беліцы

Беліца ўпершыню згадваецца як уладанне Ганны, жонкі Яна Глябовіча. У складзе маёнтка было каля 80 сялянскіх службаў. Пазней Беліца належала Зяновічам і Сапегам.

1566

На мяжы Віцебскага ваяводства

Сянно згадваецца пры апісанні мяжы Віцебскага ваяводства: «займучи Сенно зовсими Вятцо Плебаньское, на мяжи князей Друцких, Лукамльских, Белицу зовсим, Палонное и Лемницу, а Аболце и вси Смоляне».

1573

Будаўніцтва замка Сапегі

Дзмітрый Фёдаравіч Сапега будуе ў Сянно замак па класічным узоры XVI-XVII стагоддзяў тыпу «палацца ін фортэцца» — крэпасць-палац. Сенненскі панскі дом з двума флігелямі займаў сіметрычнае становішча на квадратнай плошчы 80×80 м, абведзенай па перыметры глыбокім ровам з вадой. Двума мастамі замак быў звязаны з возерам і сажалкай.

1574

Уладанне Сянно пераходзіць да Друцкіх-Саколінскіх

Сянно знаходзілася ва ўладанні Рэгіны Корсак-Саколінскай. Яе сужэнц Андрыяш Друцкі-Саколінскі атрымаў горад у якасці пасагу.

1595

Перадача ўладанняў у Сянно

Марцін Курч, былы фелінскі стараста (Фелін - сучасная Эстонія, былая рэзідэнцыя магістра Лівонскага ордэна), афіцыйна перадаў свайму сыну Яўстафію права ўласнасці на чацвёртую частку Сенненскага маёнтка, уключаючы замак, мястэчка і ўсе спадарожныя ўладанні з цэрквамі і фондамі.

1609

Будаўніцтва касцёла

Уладальнік Сянно Яўстафій Курч узводзіць драўляны касцёл ордэна Францыска Асізскага.

1631

Продаж Сянно Сапегам

Уладальнікамі Сянно зноў былі Друцкія-Саколінскія. Дачка Андрыяша Друцкага-Саколінскага Элеанора разам з мужам Мікалаем Рыгоравічам Хлявінскім прадаюць маёнтак канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу.

1665

Царква ў Буі

У старажытнай вёсцы Буй пабудавана драўляная царква — унікальны помнік драўлянага культавага дойлідства Беларусі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вёска Буй адносіцца да найстаражытных паселішчаў на тэрыторыі Сенненскага раёна.

1700-1721

Разбурэнне замка

Падчас Паўночнай вайны (1700-1721 гг.) замак разбураны і спалены шведскімі войскамі. Цяпер на месцы замчышча стаіць фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

1757

Змена ўладальнікаў Сянно

Уладальнікам Сянно становіцца мінскі кашталян Юзаф Любецкі, аднак у тым жа годзе маёнтак пераходзіць да Крыштофа Тышкевіча і яго жонкі Тэрэзы.

1768-1772

Будаўніцтва Троіцкага касцёла

Віленскі архітэктар Іаган Вільгельм Фрэзер па замове ўладальнікаў Сянно Тадэвуша і Ядвігі Агінскіх будуе цагляны касцёл у стылі барока, асвячоны ў гонар Святой Тройцы. З дазволу Папы Рымскага Клімента XIV у яго з Рыма пераносяцца мошчы святога Фортуната.

1772

Заснаванне манастыра і падзел Рэчы Паспалітай

У Сянно пабудаваны францысканскі манастыр, дзе манахі адкрылі першую ў горадзе школу для хлопчыкаў. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Сянно ўвайшло ў склад Расійскай імперыі, атрымаўшы статус павятовага горада Аршанскай правінцыі.

1777

Павятовы горад

Сянно становіцца павятовым горадам Магілёўскай губерні.

1778

Упарадкаванне планіроўкі Сянно

Зацверджаны праект упарадкавання планіроўкі Сянно. Згодна з ім у горадзе ўзведзены адміністрацыйны будынак у стылі класіцызму.

1781

Візіт Кацярыны II і зацвярджэнне герба

22 мая Сянно наведала Кацярына II з начакам, якая ехала з Полацка ў Магілёў на сустрэчу з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Меркавана спынялася яна ў замку, дакладней у тым, што ўцалела пасля Паўночнай вайны. У сваім дзённіку яна адзначыла: «Дарога паміж Сянно і Шкловам месцамі вельмі маляўнічая і падобная на англійскі парк». У гэтым жа годзе ўказам імператрыцы зацверджаны герб Сянно: дзве залатыя косы на зялёным полі пад выявай двухгаловага арла.

1796

Беларуская губерня

Сянно пераходзіць у склад Беларускай губерні.

1802

Вяртанне ў Магілёўскую губерню і візіт навукоўца

Сянно зноў уваходзіць у склад Магілёўскай губерні. У гэтым жа годзе горад з інспекцыяй вучылішчаў наведаў рускі мінералог В.М. Севергін, які даследаваў мясцовую крыніцу «Каплічка» і адзначыў гаючыя ўласцівасці яго серавадароднай вады.

1809

Каменны корпус манастыра

Пры францысканскім манастыры ў Сянно пабудаваны каменны жылы корпус — найстарэйшы захаваны каменны будынак горада.

1812

Айчынная вайна 1812 года

Сянно адыгрывала важную стратэгічную ролю ў Айчыннай вайне 1812 года як ключавы пункт на шляху руху рускіх і французскіх войскаў. Праз горад праходзілі разведвальныя атрады, тут сцягваліся сілы Мюрата, і разглядаліся шляхі адступлення Напалеона. Рускія войскі пад камандаваннем Кутузава кантралявалі гэты раён, каб блакіраваць магчымыя шляхі адступлення французскай арміі.

1860

Будаўніцтва Пакроўскай царквы

Уладальнік горада Ксаверый Пуслоўскі будуе ў Сянно драўляную Пакроўскую царкву.

1861

Вялікі пажар у Сянно

25 мая 1861 года ўзнік адзін з найбуйнейшых пажараў на тэрыторыі горада Сянно. У выніку згарэла большая частка горада, засталося толькі некалькі дамоў па краях. Згарэла таксама і праваслаўная Мікольская царква.

1862

Новы герб

Б. Кёне распрацаваў праект герба: у зялёным шчыце 2 залатыя накрыж пакладзеныя косы.

1864

Закладка новай царквы і адкрыццё вучылішча

10 верасня 1864 г. адбылася закладка новай царквы ў гонар св. Мікалая Цудатворца на месцы згарэлай Мікольскай. У гэты ж дзень у горадзе адбылося адкрыццё 2-класнага народнага прыходскага вучылішча.

1865

Павятовае вучылішча

У Сянно працуе павятовае вучылішча, у якім выкладае вядомы этнограф, фалькларыст, краязнаўца, гісторык, заснавальнік беларускай гуманітарнай навукі Яўдакім Раманаў.

1867

Мікалаеўская царква

На месцы былой уніяцкай царквы Іллі Прарока ў Сянно ўзводзіцца каменная праваслаўная Мікалаеўская царква — галоўны храм павета. Пабудавана па праекце архітэктара К.А. Тона ў псеўдарускім стылі, з пяццю купаламі.

1877

Візіт Напалеона Орды

30 ліпеня ў Сянно прыязджаў вядомы беларускі мастак, кампазітар, музыкант Напалеон Орда, які зрабіў акварэльны малюнак мястэчка. Праца знаходзіцца ў народным музеі Кракава (Польшча). Каляровая копія, зробленая краязнаўцам Васілём Бондаравічам, захоўваецца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.

1883

Тэлеграфная сувязь

Да Сянно пракладзена тэлеграфная лінія, дзейнічала паштовая станцыя.

1887

Пераўтварэнне царквы ў сабор

27 лютага 1887 года быў накіраваны ліст імператрыцы з прапановай аб узвядзенні прыходскай Мікалаеўскай царквы ў горадзе Сянно ў саборную з адпаведным павелічэннем царкоўнага складу. Загад быў ухвалены ў тым жа годзе, і крыху пазней Мікалаеўская царква атрымала статус сабора.

1889

Капліца ля Мікалаеўскага сабора

Побач з Мікалаеўскім саборам збудавана каменная капліца ў памяць пра шчаслівае выратаванне імператарскай сям’і 17 кастрычніка 1888 года, калі народнікі на Харкаўскай чыгунцы спрабавалі забіць Аляксандра III.

1897

Перапіс насельніцтва

У горадзе пражывала 4100 жыхароў, з іх 2471 іудзейскага веравызнання (60%). У Сянно дзейнічалі дзве царквы — драўляная Пакроўская і саборная Мікалаеўская.

1903

Жаночае вучылішча і станцыя Багушоўская

Заснавана Сенненскае жаночае прыходскае вучылішча. У гэтым жа годзе з’явілася чыгуначная станцыя Багушоўская, якую спатрэбілася злучыць дарогай з Сянно.

1903-1904

Янка Купала ў Беліцы

Класік беларускай літаратуры Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) служыў у маёнтку Свяцкіх у Беліцы.

1904

Прамысловае развіццё

Дзейнічала 10 прамысловых і 6 рамесных прадпрыемстваў, друкарня, бібліятэка, 2 бальніцы.

1906

Крама Хітрыка

У Сянно пабудавана крама пісьмовых тавараў Ізраэля Хітрыка — будынак у яўрэйскім стылі з цагляным фасадам і шасцівугольнымі зоркамі над ім. Пазней тут размяшчаліся ашчадная каса, перукарня, сталовая.

1907

Кніга пра Сенненскі павет і асветніцкае таварыства

Выйшла ў свет кніга краязнаўцы К.Ц. Анікевіча, вучня Яўдакіма Раманава, «Сенненский уезд Могилёвской губернии». У гэтым жа годзе ў горадзе ўтварылася асветніцкае таварыства, якое паставіла мэтай адкрыць і ўтрымліваць жаночую сярэднюю навучальную ўстанову.

1911

Вінны склад

У Сянно пабудаваны будынак 8-га казённага виннага склада.

1912

Рамясная школа ў Шыпах

У маёнтку Шыпах (уладанне Шыдлоўскіх) адкрыта першая ў павеце рамесная школа. Яе задача — навучыць сялянскіх дзяцей сталярна-такарнаму і слесарна-кавальскаму майстэрству. Асвячэнне школы здзейснена 29 снежня 1911 года мясцовым святаром а. Бекаревічам.

1913

Пажарная часць

У Сянно пабудаваны будынак першай пажарнай часці.

1914

Будынак земскай управы

У Сянно па вуліцы Савецкай (былой Садовай або Афіцэрскай) узведзены будынак земскай управы — узор грамадзянскага стылю з элементамі класіцызму. Сёння ў ім размяшчаюцца краязнаўчы музей, Дом рамёстваў і дзіцячая бібліятэка.

1917

Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў

У сакавіку створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У лістападзе ў Сянно ўсталявана савецкая ўлада.

1918

Савецкая ўлада і газета

27 лютага ў Сянно адбыўся першы павятовы з’езд Саветаў сельскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 1 мая выйшаў першы нумар газеты «Известия Исполкома» (цяпер «Голас Сенненшчыны»). 9-10 жніўня падаўлена паўстанне левых эсэраў.

1919

У складзе РСФСР і першыя савецкія ўстановы

Сянно ўвайшло ў склад Віцебскай губерні РСФСР. 30 мая 1919 года прынята рашэнне аб адкрыцці ў маёнтку Беліца сельскагаспадарчага вучылішча. 7 чэрвеня прынята рашэнне аб арганізацыі бюро народных суддзяў у Сянно. 13 кастрычніка павятовы выканкам скасаваны, створаны Сенненскі павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт.

1919-1920

Педагагічныя курсы і паэт Зязюля

У Сянно працавалі вышэйшыя педагагічныя курсы. У гэты ж час памёр вядомы беларускі клерыкальны паэт, грамадскі дзеяч «нашаніўскага» перыяду, сябар Янкі Купалы і Якуба Коласа Андрэй Зязюля (сапраўднае імя — Аляксандр Сцяпанавіч Астрамовіч). Быў ксяндзом сенненскага касцёла. Пахаваны ў Сянно, але дакладнае месца пахавання невядома.

1924

Стварэнне Сенненскага раёна

17 ліпеня створаны Сенненскі раён у складзе Віцебскай акругі.

1925

Чыгуначная лінія

Па тэрыторыі раёна (за 15 кіламетраў ад Сянно) пракладзена чыгуначная лінія Орша-Лепель.

1928

У складзе Віцебскай вобласці

Сенненскі раён увайшоў у склад Віцебскай вобласці.

1930

Першая электрастанцыя

У Сянно пабудавана першая электрастанцыя.

1932

Ільнозавод

У Сянно пачаў працу ільнозавод.

1934

Знос Мікалаеўскага сабора

Па загадзе Сенненскага райкама КП(б)Б Мікалаеўскі сабор разабраны на цэглу. За дзень працы плацілі 3 рублі.

1935

Дом культуры і маслабойня

З цэглы разабранага Мікалаеўскага сабора пабудаваны Дом культуры. У гэтым жа годзе пан Рохальскі выехаў з горада, яго сядзіба перайшла да дзяржавы, і ў доме ўладкавалі маслабойню.

1937

Зачыненне касцёла і разборка каплічкі

Касцёл Святой Тройцы спыніў дзейнасць: з яго вывезлі апошняга святара. У гэтым жа годзе разабрана каплічка над крыніцай «Каплічка».

1939

Перадваенны перапіс

4305 жыхароў (2805 беларусаў, 1056 яўрэяў, 327 рускіх, 51 украінец, 29 палякаў). Дзейнічалі ільнозавод, заатэхнікум, гасцініца, бальніца, кінатэатр.

1939-1940

Знос Пакроўскай царквы

Пакроўская царква разбурана. Пасля вайны на яе месцы пабудавалі спартыўны комплекс СШ №2.

1941

Вялікая Айчынная вайна

6 ліпеня 1941 года Сянно занята нямецкімі войскамі, але ў той жа дзень вызвалена контрударам 20-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.А. Курачкіна. 6-10 ліпеня пад Сянно адбылася адна з найбуйнейшых танкавых бітваў пачатку вайны (больш за 1500 танкаў з абодвух бакоў) — Лепельскі контрудар. 9 ліпеня горад зноў захоплены 17-й танкавай дывізіяй вермахта. З 10 ліпеня 1941 па 25 чэрвеня 1944 гг. Сенненшчына акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У лістападзе 1941 года ў Сянно на вуліцы Мічурына (былая Галінка) фашысты стварылі яўрэйскае гета. Усе яўрэі горада (1056 чалавек, 24,5% насельніцтва па перапісе 1939 года) былі сагнаны ў гета і знішчаны. 31 снежня 1941 года немцы акружылі вуліцу Галінка і пагналі жыхароў на расстрэл да загадзя выкапаных ям. У гэты дзень было расстраляна 965 чалавек.
1942

Партызанская зона

Тэрыторыя Сенненшчыны ўваходзіла ў Сенненска-Аршанскую партызанскую зону.

1943

Падпольныя арганізацыі і спаленне сядзібы

У красавіку пачалі дзейнічаць Сенненскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. У 1943 годзе на тэрыторыі раёна налічвалася 40 падпольных арганізацый і груп агульнай колькасцю 170 чалавек. У гэтым жа годзе сядзіба Рохальскага спалена партызанамі.

1944

Вызваленне

У ходзе Віцебска-Аршанскага этапу вызваленчай аперацыі «Баграціён» Сенненскі раён вызвалены 23-28 чэрвеня 1944 года. Сянно вызвалена Чырвонай арміяй 25 чэрвеня 1944 года.

1958

Мастацкая майстэрня

27 сакавіка 1958 года прынята рашэнне Сенненскага райвыканкама аб адкрыцці мастацкай майстэрні ў г. Сянно.

1961

Універмаг і школа №2

У Сянно пабудаваны ўнівермаг. На месцы знесенага Мікалаеўскага сабора ўзведзена сярэдняя школа №2.

1962

Выбух касцёла

17 верасня 1962 года па запыце мясцовага райкама партыі касцёл Святой Тройцы ўзарвалі. Пазней на яго месцы пабудавалі кафэ-рэстаран.

1965

Помнік на брацкай магіле

На Галоўнай плошчы ўсталяваны помнік на брацкай магіле «Салдат з аўтаматам і каскай у руцэ». Пахавана 203 воіны і партызаны, невядомымі застаюцца імёны 96 чалавек.

1969

Завод сухога малака

Пачаў дзейнічаць Сенненскі завод сухога абястлушчанага малака.

1972

Мемарыяльная дошка Купалу і рэдакцыя газеты

На будынку ў Беліцы, дзе жыў і працаваў Янка Купала, усталявана мемарыяльная дошка. 1 студзеня 1972 года ў Сянно адкрыта новы будынак, у якім размясцілася рэдакцыя раённай газеты «Голас Сенненшчыны».

1976

Знос адміністрацыйнага будынка

Адміністрацыйны будынак у стылі класіцызму разабраны. Цяпер на яго месцы знаходзіцца будынак райвыканкама.

1978

Будаўніцтва гасцініцы

У сувязі з будаўніцтвам гасцініцы быў разабраны крама пісьмовых тавараў Ізраэля Хітрыка.

1988

Першы Сенненскі марафон

У горадзе прайшоў першы Сенненскі марафон, прысвечаны памяці П.М. Машэрава.

1995

Аб’яднанне і рашэнне пра музей

Сенненскі раён і горад Сянно аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 30 жніўня прынята рашэнне райвыканкама аб адкрыцці раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

1996

Гісторыка-краязнаўчы музей

У жніўні адкрыты Сенненскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей (рашэнне аб яго стварэнні прынята ў 1995 годзе).

1998

Закладка новага храма

Закладзены камень у падмурак новага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Сянно. З вясны 1999 года вяліся будаўнічыя работы.

2000

Народны хор ветэранаў

30 лістапада 2000 года прынята рашэнне Сенненскага райвыканкама аб прысваенні хору ветэранаў Сенненскага раённага Дома культуры звання «народны», у калектыў уведзены адзінкі акампаніятара і хормайстра.

2003

Новы храм

Першую літургію адслужылі ў новым храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Сянно.

2006

Герб Сянно

20 студзеня Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №36 зацверджаны герб Сянно і Сенненскага раёна: на зялёным полі дзве перакрыжаваныя залатыя косы.

2009

Сцяг Сянно

2 чэрвеня Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №277 зацверджаны сцяг горада Сянно і Сенненскага раёна. 4 чэрвеня сцяг зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры (№ Б-165).

2011

Помнік танкістам і знаходка пліты Хадкевіча

10 верасня на Камсамольскай плошчы ў Сянно ўсталяваны помнік (танк ІС-3) найбуйнейшай танкавай бітве пад Сянно 1941 года. У гэтым жа годзе каля вёскі Вялікі Азярэцк Сенненскага раёна знойдзена мемарыяльная пліта з гербамі. Па заключэнні прафесара С.Я. Расадына, пліта ўсталявана ў гонар Яна Караля Хадкевіча, ваеннага і палітычнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага.

2015

Памятны знак «Родны край»

У Сянно ўсталяваны памятны знак «Родны край» у гонар аўтара арнаменту на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь М.С. Маркевіч.

2016

Абласны фестываль «Дажынкі»

У Сянно прайшоў абласны фестываль «Дажынкі». Да яго ў парку Трох Герояў створана экспазіцыя ваеннай тэхнікі, часткай якой сталі два мемарыяльныя самалёты — Су-24М і Су-27.

2019

Памятны знак «Боль»

У ліпені 2019 года ў прадмесці Сянно адкрыты памятны знак «Боль» ахвярам гета, якое дзейнічала ў райцэнтры падчас Вялікай Айчыннай вайны з верасня па снежань 1941 года.

2023

Памяць пра генацыд і культура дуды

Каля Дома рамёстваў адкрыты памятны знак і музейная экспазіцыя, прысвечаныя ахвярам генацыду 1941-1944 гадоў. Экспазіцыя размешчана ў падвале будынка, дзе, па ўспамінах мясцовых жыхароў, у гады акупацыі размяшчалася разведвальна-дыверсійная школа, а ў цокальным паверсе — турма. 30 мая пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь №80 статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці прысвоены элементу «Культура беларускай дуды на Віцебшчыне» ў г. Сянно.

2025

Высокая ўзнагарода

Сянно ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» да 80-й гадавіны Перамогі. Вымпелам узнагароджаны шэсць гарадоў Беларусі — Кобрын, Рэчыца, Слонім, Сянно, Слаўгарад і Смалявічы. Усяго ў Беларусі гэтай узнагароды ўдастоены 36 гарадоў і населеных пунктаў. Сянно і ваколіцы сталі партызанскім краем з больш чым сотняй атрадаў народных мсціўцаў і сувязным аэрадромам.

Насельніцтва і гаспадарка

Колькасць насельніцтва горада Сянно па гадах
Год Насельніцтва Заўвага
1803860
1867-692418Усеагульны каляндар
1870-18762427Усеагульны каляндар
18792508Усеагульны каляндар
18812583Усеагульны каляндар
1883-963000Усеагульны каляндар
1897-983300Усеагульны каляндар
1899-19114061Усеагульны каляндар, (па перапісе 1897 г.)
1912-19144200Усеагульны каляндар
19394305
19595368
19705239
19796031
19898991
20068418
20098007
20167385
20177238
20187165
20197092
20207443
20217370
20227265
20237158
20247090
20256974
20266874

Частыя пытанні пра гісторыю Сянно

Калі Сянно ўпершыню згадваецца ў дакументах?

Першае пісьмовае згадванне пра Сянно адносіцца да 1442 года. У дакументах Вялікага Княства Літоўскага паказана, што Мілаш Войшвілаў атрымаў права кіравання маёнткам ад вялікага князя Казіміра Ягелончыка.

Чаму на гербе Сянно намаляваны косы?

Дзве залатыя косы на зялёным полі — гэта «знак багацця сенам», ад гандлю якім, верагодна, і паходзіць назва горада. Герб быў найвышэйша зацверджаны імператрыцай Кацярынай II 16 жніўня 1781 года і пацверджаны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2006 годзе.

Што такое Лепельскі контрудар?

Гэта буйная танкавая бітва, якая адбылася 6–10 ліпеня 1941 года ў раёне Сянно і Лепеля. У ёй з абодвух бакоў удзельнічала каля 2000 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак. У выніку контрудара праціўнік быў адкінуты на 30–40 км у бок Лепеля, што стала адным з нешматлікіх паспяховых абарончых баёў пачатковага перыяду вайны.

Хто такія Сапегі і як яны звязаны з Сянно?

Сапегі — магутны род Вялікага Княства Літоўскага. У 1573 годзе Дзмітрый Фёдаравіч Сапега пабудаваў у Сянно замак тыпу «палацца ін фортэцца». У 1631 годзе маёнтак перайшоў да канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Замак быў разбураны шведамі ў Паўночную вайну, і цяпер на яго месцы знаходзіцца фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Сувязь з Сапегамі не абмяжоўваецца горадам: у вёсцы Машчоны ў XVI стагоддзі таксама знаходзіўся драўляны замак, які належаў дзеду Льва Сапегі — Івану Багданавічу.

Як Сянно жыло ў гады Вялікай Айчыннай вайны?

Горад быў акупіраваны з 10 ліпеня 1941 па 25 чэрвеня 1944 года. У лістападзе 1941-га ў Сянно стварылі яўрэйскае гета, а каля вёскі Казлоўка было расстраляна каля 965 чалавек. Нягледзячы на акупацыю, на тэрыторыі раёна актыўна дзейнічалі партызаны, якія ўваходзілі ў Сенненска-Аршанскую зону. Сянно быў вызвалены Чырвонай арміяй 25 чэрвеня 1944 года.